У якім узросце становяцца пілігрымамі? Дзе яны – месцы пакланенняў?
У мінулую нядзелю, 14 верасня 2014 года, дзеткі ва ўзросце ад сямі да дванаццаці год – удзельнікі фальклорнага ансамбля “РАДА” (г. Мінск) – прайшлі вельмі незвычайным шляхам. Мэтай паездкі з Мінска ў вёску Карашаніцы Мядзельскага раёна быў перш за ўсё запіс відэаматэрыялаў для суправаджэння сцэнічнага выступлення ансамбля.
Неабходны былі каларытныя і незвычайныя планы для стварэння патрэбнай атмасферы выканання адной з найстаражытнейшых і магічных беларускіх народных песень “Правяду русалку да бору”. Ужо не адзін раз гучала гэтая і іншыя песні ў дзіцячым выкананні, настроеным пранікнёным кіраўніцтвам Ірэны Катвіцкай – творчага натхніцеля калектыву. А ў той дзень павінна яна была прагучаць у “Месцы спыненага часу”. Так вобразна назваў свой улюбёны куток радзімы Уладзімір Падгол, майстар слова, народны філосаф. Але датуль яшчэ ляжаў шлях.
Як сапраўдныя прафесіяналы, якія не марнуюць час, дзеці дарогай развучвалі новую песню: гучалі словы пра зорачкі-матулі, пра далёкія шляхі і лёс пілігрымаў. А як было магчыма не спыніцца каля храмаў, што з’яўляліся ў пейзажах вёсак Ілля, Крывічы. Падумаць, параўнаць складанейшыя паломніцкія шляхі, напрыклад, Еўфрасінні Полацкай ці Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі з прастатой сучасных вандровак. У звычайным гарадскім жыцці пра гэта не думаеш.
Прыцягнула дзяцей “РАДЫ” да сябе і Будслаўская ікона Божай Маці, да якой правёў строгі, у суровым адзенні старадаўняга бернардзінца манах з круглымі светлымі вачыма.
І вось, нарэшце, адчыняюцца вороты ў іншую прастору, у свет, створаны традыцыяй і фантазіяй, рэальнымі людзямі і душамі, дзе камяні расцвітаюць, а анёлы сядзяць за вясковымі калаўротамі. Спадар Уладзімір Падгол асцярожна правёў дзяцей і іх бацькоў па сваім паданні, у якім ўжо не адзін слухач заблытаўся: а ці праўда гэта, а ці казка? Як сучасны Гамэр распавёў гаспадар пра свой куток, у якім дзейнічае ўвесь Сусвет. І загучала на рознакаляровыя дзіцячыя галасы: “Ляцела страла дай удоль сяла”.
Вось такім шляхам, праз святыні песень і паданняў, традыцый, веры, культуры нашага народа прайшлі, вядомыя сваімі святымі, Сафія і Марыя, Глеб, Аляксандр і Аляксей, Вера і Патрыцыя, Ангеліна і Паліна. Каб беларуская гісторыя не спынялася.
Распавядала Наталля Мазурына.
Комментариев нет:
Отправить комментарий