Спасылка http://nn.by/?c=ar&i=132265
Паданне "Месца спыненага часу" з рамана "Куля для прэзідэнта"
Жыла была сям’я тутэйшых на
мядзельшчыне ў вёсцы, якую адныя звалі Каранішацы, а другія Карэнішацы,
карацей, ад каранёў ці карэньняў паходзіў назоў вёскі. Вёска была ля мястэчка
Крывічы. У сям’і было адзінадцаць дзетак. Усе працавалі на гаспадарцы і нават
маленькая дачушка гусей пасьвіла, ягады зьбірала, кветкі даглядала ды скаціну
карміла. Хоць і шмат працавалі, але жылі бедна. Бацька вырабляў жорны і
прозьвішча іхнае было Жарнасекі. У гаспадарцы і калёсы былі і ступы, каб таўчы
крупы.
Першыя жорны продкі беларуса (тутэйшыя) зрабілі ў калодзе.
Выдзяўблі ў камлі гняздо для каменных жорнаў. Дзяўблёнае з суцэльнага дрэва
палешукі называюць кадаўбуха. Гаспадар быў асілкам. Бывала так, што ў лесе,
калі конь не мог зацягнуць воз з дровамі на гару, гаспадар выпрагаў каня і сам
зацягваў воз на гару. А з гары да дому дровы вёз конь. Але сапраўдная моц была
ў сэрцы Жарнасека. Бог адорыў Жарнасека здольнасцю любіць. Ён любіў людзей і
жывёл, кветкі і камяні. Калі рабіў жорны, так абсякаў камень ды шліфаваў, рабіў
працу так, быццам дзіцё выхоўвае. І жорны ягоныя славіліся далёка, колькі на
кані можна было даехаць. Бо і камень для жарона выбіраў не просты, не шэры, а мармур з адмысловым малюнкам. І чорны з белым, па сарочаму чыстых колераў, і
чырвона-чорны, і бела-чырвоны. Там, дзе людзі нічога цікавага ды прыгожага ў
камені не бачылі, жарнасек бачыў кветкі.
Некалькі год запар была засуха. Глеба не радзіла. Зерня не было і людзі не
заказвалі жорны. Ад нястачы ды голаду старэйшыя сыны пачалі паміраць. Аднаго
Бог прыбраў, другі - цяжка захварэў, Трэцці з гарэлкай пабраўся. Гора. І толькі
працаю заглушаў душэўны боль гаспадар і яго жонка, ды малітвамі да Бога
спрабавалі выратаваць сям’ю ад сьмерці. І ў царкву хадзілі ды Бога малілі. І ў
касьцёле ўкленчвалі да Творцы енчылі - не дапамагала. Нават да равіна ў
сінагогу хадзілі і габрэйскага Бога аб лепшай долі прасілі, але ўсё дарэмна.
Жылі – пакутвалі. Толькі малая дачка сэрца бацькоў радавала. А бацька працягваў
часаць камяні, хаця жорны ніхто не купляў. І не згасала ў сэрцы жарнасека любоў
да камянёў, а жорны любіў як сваіх дзетак. А калі рабіў жорны, спяваў над імі.
І песні ўсе сам прыдумляў і над кожным новым жаронам спяваў новую песню. І
тады, калі ён спяваў над маўклівым каменем, змаўкалі птушкі і аціхаў вецер.
Затое камяні спявалі ад удараў ды жалезныя прылады.
І аднойчы, калі Жарнасек уначы
выйшаў на двор, убачыў, як ягоныя жорны, што вырабіў для будучых пакупнікоў,
півонямі агромністымі стаяць галовы схіліўшы перад творцам. Ды яшчэ яны водарам
патыхалі незнаёмым ды чароўным.
Раніцой гаспадар падумаў, што сон
сасніў пра жорны, якія кветкамі абярнуліся. Бо жорны, як зрабіў ён іх
каменнымі, так і стаялі. Жарнасек нават сякераю па іх пастукаў і спраўдзіў іх
мармуровую прыроду. І пачуўшы каменны гругат пашкадаваў, што больш не бачыць
тых чароўных півоняў.
Відовішча чароўных кветак уначы
было ў той час для гаспадара бадай адзінаю радасцю. Ды яшчэ дачушка сэрца
радавала, сагравала. Толькі адно насцярожвала: некаторыя жорны-кветкі знікалі з
двара. І слядоў побач ніякіх не было. Як быццам нехта прылятаў і ўздымаў жорны
ў паветра. Бывала і так, што жарнасек уначы бачыў, як ягоны жарон, ператвараўся
ў кветку, а з неба на яго свяціла яркая зорка. Кветка ўздымала сваю вялікую
галаву да зоркавага прамяня, і быццам бы слухала зорку, ці наталяла прагу тым
прамянём. Аднойчы, калі знік чарговы вельмі прыгожы жарон, з неба на двор сярод
кветак упаў вялізны камень. Ён свяціўся, як маленькае сонейка. Раніцой Жарнасек
паспрабаваў пасекчы той камень, каб даведацца пра тое, што гарэла ўнутры
каменя. І там убачыў жалезную руду. Зрабіў з той руды сабе сякеры, косы, сярпы
і іншыя прылады ў гаспадарцы. Яны секлі і рэзалі значна лепш, чым звычайныя.
Гаспадар тады ўначы паглядзеў на зорку, што злучыла свой прамень з кветкай
жаронам і сказаў: “Дзякуй табе, Божа за жалезны падарунак! Бяры колькі хочаш
кветак у свой кветнік!”
А сам з таго жалеза зрабіў сабе
прылады цяслярскія – дробненкія. І з іх дапамогаю змайстраваў у бутэльцы з
дрэва крыж на ўсю шырыню бутэлькі, алтар, ікону з выяваю Хрыста ды храм. А
закаркаваў свой твор так, што выцягнуць той корак было немажліва. Хто не
глядзеў на створанае ў бутэльцы Жарнасекам ня мог паверыць, што чалавек тое
зрабіў. А малая дачка гэтаму твору не здзівілася. Яна вырашыла, што бацька –
чараўнік. Зрабіўся маленькім забраўся ў бутэльку, збудаваў там храм. Яна часта
прасіла бацьку: “Тата, навучы мяне чараўніцтву – рабіцца маленькай. Я хачу з
казюркамі ў схованкі пагуляць ды на яшчарке пакатацца”.
Гаспадар быў Асілкам.
Бывала так, што ў лесе, калі конь не мог зацягнуць воз з бярвеннем на гару,
гаспадар выпрагаў каня і сам зацягваў воз на гору. А з гары да дому бярвенне
вёз конь. Дык вось, гэты Волат, які
ўладарыў над камянямі, ня вытрымаў гора. Вырашыў тутэйшы гаспадар зрабіць свой
уласны звон, каб дазваніцца да Творцы, каб б Бог лепей чуў яго малітвы. Рабіў
яго з вялізнага катла, які застаўся ад нейкай арміі. Ежу жаўнерам у ім варылі.
Зрабіў звон. Ды толькі язык змайстраваць не атрымлівалася. Такі язык ладзіў
гаспадар, які прымусіць гучаць уласны звон магутней за царкоўны. Урэшце зрабіў.
Калі на слуп звон падвесіў ды пачаў званіць, дык поп да яго на вазку прымчаў,
абураўся, што жарнасек завядзёнку хадзіць у царкву парушае, блюзнерыць ды тым
самым чорта абуджае. Маўчаў жарнасек і паціху рыхтаваўся падымаць звон на самы
вялізны дуб, што рос у ягоным двары. Вось тут і з’явіўся чорт. Покуль нябачным
быў ды толькі шэптам аб сабе сведчыў. Шаптаў гаспадару, што
дазваніцца-дамаліцца да Бога ня змог ніводзін чалавек і гэта марная праца, што
лепей з таго звона зрабіць жорны. А тады мука, змолатая ў звоне, дасьць такі
хлеб, прадаўшы які, здабудзеш многа грошай ды пазбавішся ад гора. “Нават сам
Бог прышле да цябе анёлаў па той хлеб, а то і сам з’явіцца, каб пакаштаваць
тваю смакату! – Шаптаў чорт. - Тады ў яго папросіш і здароўе для дзетак і
шчасця. А калі і не прыдзе твой Бог, жыцьцё стане такім заможным, што ён і не
спатрэбіцца”.
Паверыў жарнасек чорту. Перарабіў
звон у жорны: павярнуў яго дно да неба, уклаў у яго круглыя абсечаныя камяні і
пачаў малоць зерне ў звоне. Але верхнія жорны ў звоне калоліся і не давалі
беларусу змалоць Боскі хлеб. Тады беларус вырашыў малоць каменем. Доўга малоў,
потам абліваючыся, рукі ў кроў зьбіваючы, але быў хлеб, спечаны з той мукі не
смачным і Бог не прыходзіў і шляху да сабе не паказваў, гора і няшчасьці не
пакідалі беларуса. А сам камень хутка сьцёрся ды ператварыўся ў кулю і малоць
ім было ўжо немагчыма. Толькі з гарматы той куляй можна было страляць.
Тады беларус зрабіў для сябе
жорны ў драўляным стале. Жыў, зямлю араў, жыта жаў, новых дзетак нараджаў, а
шчасьця не было. Адна ўцеха – дачка маленькая. Зрабіў для яе бацька кадаўбкі:
місу ды ступачку, вырабіў маленькі калаўрот, каб граючы прывыкала да
гаспадаркі. Так і жыў ірвучы сэрца: ад дачушкі яно радавалася, ад хвароб ды
гібелі сыноў – балюча сьціскалася.
Аднойчы ўначы да жарнасека
прыйшоў анёл і сказаў:
“Бог выпрабаваў
твой род ды цябе. Вы здалі яго іспыты – не адракліся ад Уладара Сусьвету. Ты
даказаў Творцу сваё падабенства Богу. Твае чароўныя жорны, якія могуць
абарочвацца півонямі, уразілі Творцу, парадавалі яго, ды усцешылі Яго
сэрца. Самыя адмысловыя твае жорны
цвітуць у Боскім кветніку. Настаў час вам сустрэцца. Там ты ўбачыш душы сваіх
памерлых дзетак і душа твая супакоіцца.
На сустрэчу з творцам паплывеце ў
адмысловых ладзьдзях. Выдзяўбі з дрэва дзьве кадаўбухі-чаўны так, як робяць
карыты. На адным чоўне да Творцы ўсёй сям’ёй па плыні часу паплывеш. На другім
смерць за табой наўздагон слізгаць будзе. Хай лепей на тваім чаўне пагоню
ладзіць, бо ён тваю сям’ю ўрэшце і выратуе. Выкапай у лесе два дрэвы з каранямі
пагнутымі і зрабі зь іх палазы для саней-копаней. Калі плынь часу залядзянее,
паставіш кадаўбуху на палазы ды паедзеш. Колы возьмеш з сабою – калі плынь часу
абмялее паставіш ладзьдзю надзеі на колы ды паедзеш. Адна кадаўбуха будзе
Ладзьёй роспачы, а другая – Ладзьдзёй Надзеі. А яшчэ возьмеш у дарогу два кашы.
Спляцешь адзін кошык для шчасьця, а другі для гора і бяды. Возьмеш з сабой у
Ладзьдзю Надзеі кош для шчасьця, а кош для гора і бяды паставіш у Ладзьдзю
роспачы.
Выраж з суцельнага дрэва лыжку і
вазьмі з сабой. Пад час падарожжа да Бога чорт і смерць будуць табе падкідваць
у кош са шчасьцем злобяду і гора, каб ты імі Бога пачаставаў ды абурэнне ягонае
выклікаў. Але лыжка з суцэьнага дрэва ўсё брыдоцьце будзе адкідаць. І яшчэ чорт
і смерць захочуць Боскім шчасьцем паласавацца, дык тая лыжка лапы іхныя адаб’е
да па галовах пагрукоча.
Да Творцы рушыце ў Боскай вопратцы,
прылятуць да вас анёлы-краўцы з калаўротамі. Пасядуць на кветкі-жароны і саткуць
Боскую вопратку. Толькі ў ёй можна будзе да Бога дабрацца, каб ад Чорта душу
зберагчы і смерці пазьбегнуць. Анёлы саткуць вам вышыванкі з абярэгамі ад
злыдняў ды нячысцікаў. А код абярэгаў толькі яны ведаюць.
Урэшце падрыхтуеш месца спыненага
часу: зьбярэш у двары ўсе колы, калаўроты ды сячкарні нават, калі яны ўжо даўно
паламаліся, заржавелі ды пагнілі. Усе жароны зьбярэш, нават –
паколатыя.
Калі падрыхтуешся да Боскага падарожжа, тады раскруцяцца ўсе колы ды
калаўроты. Апусцяцца на твой двор анёлы з сячкарнямі ды часаламі. І душы вашы
пралятуць праз сячкарні анёлаў і адсякуць у вашых душах рабства і ўсё
непатрэства Богу. Часалы вашы душы прычэшуць, а прасы анёлаў – адпрасуюць. Вось
тады і рушыце за анёлам-правадніком. Плыць будзеце па паветры, а грэбсьці -
прасьніцамі. Паплывеш па часе да Брамы часоў Бога на Ладзьдзі Надзеі. А з вамі
паімчыць смерць. І чорт за вамі на сваёй брычцы паімчыць. Зацугляе яе кнырамі з
металічнымі рагамі-нарогамі на лобе і бесамі ўнутры. Запомні, што не так
страшная сьмерць, як небяспечны чорт. Галоўнае не прадаць яму душу, ды бесаў у
яе не пусьціць. Калі чорту душу прададіце, ці бесаў у яе пусьціце, тады не
сустрэнеціся з Богам».
Калі наблізіцеся да царства Творцы, перад вашай ладзёй узнікне Брама часоў
Бога. Ладзя мусіць дакрануцца нарогам сахі да Брамы, і яна раскрыецца і
валадарства Божае прыме вас. Нарог для сахі зробіш з жалезнага каменю, які з
неба да цябе трапіў, то Боскі камень. Саху з нарогам на нос ладзі
замацуеш.
“А што нам можна ўзяць у дарогу ды які падарунак Богу зрабіць? – спытаў
Жарнасек.
“Хлеб
– адказаў анёл.. Яго спячэш з мукі, якую змелеш жорнамі са скамянеўшых сэрцаў
тваіх продкаў. Яны вельмі хацелі сустрэцца з Богам, каб папрасіць шчасьлівага
жыцьця для сваіх дзетак і унукаў. Але так і не дачакаліся. Пасьля іх сьмерці
засталіся вялікія, перапоўненыя верай да Бога, скамянеўшыя сэрцы. Адно
скамянела ў надзеі і стала гладкім, а другое – у роспачы і ўсё шурпатае ад
рупцоў. Трэцяе - скамянела, палаючым ад кахання і любові і захавала пачуцці
чырвоным колерам. Каб спекчы хлеб, табе трэба адно зерне змалоць скамянеўшым у
надзеі сэрцам, другое – у роспачы, а
трэцюю муку атрымаць ад чырвонага кахаючага сэрца. Муку ад памолу каменнымі сэрцамі
трэба зьмяшаць і сьпекчы зь яе хлеб. Мука атрымаецца грубай, але хлеб будзе
вельмі карысным і мацуючым. Сэрцы тыя скамянеўшыя, якімі мусіш змалоць зерне,
ляжаць у тваіх дзежках, дзе капусту квасіце. Вы тымі сэрцамі з восені
прыціскаеце капусту. У кош для шчасьця пакладзеш той хлеб, што вас будзе
сілкаваць ды Богу – прысмакам.У кош для шчасьця, пасьля таго як хлеб з’ядзіце
ды Бога ім пачастуеце, атрымаеш ад Яго падарунак - Боскага шчасьця поўны кош.
Яго начэрпаеш ложкай, што выражаш з суцэьнага дрэва.
І яшчэ вельмі важнае запомні.
Калі назад плывеце, нікога ў ладзю не падсаджвайце. Хто б не прасіўся, як бы не
енчыў ніводізн чалавек не мусіць стаць вашым спадарожнікам. Парушыце забарону,
гора вам будзе.
Раніцой сабраў гаспадар сваю
вялікую сям’ю і распавёў ім пра свой сон. Усе пагадзіліся, што трэба зрабіць,
як сказаў анёл. Маці падсумавала: “Тутака
ўсё роўна шчасьця няма, а калі і ў Бога не здабудзем, то і кашы і кадаўбухі ў
гаспадарцы спатрэбяцца. Ды і вопратка пазносілася пара абноўкі рабіць”.
І пачалі рыхтавацца. Але ж толькі
гаспадар усё пераіначаў. Чоўны не рабіў, а ўзяў карыты, зь якіх скаціну паілі.
Кожны зь іх больш за два метры. Кош для шчасьця не рабіў, а ўзяў вялізарны
кошык з хлява з-пад каровы, куды сена накладалі, каб яна сена не таптала. “Вось
у такі вялізарны кош і шчасьця Бог дасьць ня толькі на мой час, але і для
дзетак і унукаў ды праўнукаў хопіць – думаў сабе гаспадар - і шчасьця з
таго каша не затопчам. І ніякі злодзей, ні чорт, ні смерць не скрадуць”.
Кош для гора таксама не рабіў, а ўзяў той, дзе ежу на гарышчы захоўваў. Лыжку таксама ўзяў правераную – дабро ёй
чэрпалі – зерне з дзяжы. Чоўн роспачы да дубоў ланцугамі прывязаў, а ланцугі да
чоўна намертва прыбіў, каб той чоўн з роспаччу з месца не крануўся. І паклаў у
чоўн роспачы кош для злобяды і гора, а ў яго ўсе запасы сала ды яшчэ паставіў у
карыта бутэль з самагонам первачом у саламяным футарале. Думае сабе: “Хай
чорт са сьмерццю напьюцца, нажруцца ды на двары застануцца”.
А яшчэ Жарнасек высек з камянёў, якія для жорнаў падрыхтаваў, два крыжы.
Адзін у двары паставіў, каб нячыстая сіла тут не гаспадарыла, пакуль сям'я
будзе ў гасцях у Бога. А другі крыж, паклаў у карыта, каб падчас падарожжа,
чорт не змог іх збіць з шляху. Але перад тым, як размясціць каменныя крыжы,
Жарнасек змалоў імі трохі мукі, змяшаў яе з той мукою, якую сэрцамі продкаў,
якія скамянелі, змалоў і сьпек хлеб - падарунак для Бога і сабе ў дарогу.
Як толькі бацькі хлеб для Бога з пячы дасталі, анёлы на двары з’явіліся.
Паселі на кветкі з калаўротамі ў руках. Калаўроты з нейкага бліскучага дрэва.
Круцяцца, бліскавіцы ад сонейка праменяць у шыбы, брунжаць як пчолкі - клічуць.
Выйшлі бацькі да анёлаў, дзеці за імі выбеглі.
Калаўроты анёлаў ніткі проста з кветак цягнуць і з праменняў сонечных і на
плечы бацькоў і дзетак вопраткай белай кладуцца з чырвонымі палосамі. Ды яшчэ ў
капялюшыкі проста на галовах ткуцца з рознымі малюнкамі чароўнымі.
Апранулі анёлы ўсіх і зніклі ў паветры як матылькі.
Тутака чорт са сьмерццю абураныя і з’явіліся да гаспадара. Лямантуюць,
пагражаюць: ад крыка дрыжаць, ад злосці бурчаць, а сліна, што з рота пырскае,
ды цягнецца бурбалкамі - кіпіць!:
-- Ты што, мужык,
з глузду з’ехаў! Навошта Богавы запаветы скрыўляеш? Па што адсябяціну порыш?
Той плячыма паціснуў, прастачком
абярнуўся ды апраўдваецца:
-- Я ж для вас
стараюся. У сале тым ды кіўбасах адзін халясьцярын! Самагон таксама атрута для
чалавека! Адным словам, людзям – злобяда. А вам жа ад іх аніякай шкоды, як
прысмакі. Вось пасядзіце тутака, пачастуйцеся, покуль мы да Бога плыць будзем.
А потым нас дагоніце. Мы ж ад вас нікуды не зьбяжым, ні сплывем, ні зьедзем! А
ў вас сьвята-адпачынак маленькае будзе.
Чорт падумаў, што можа так і
будзе лепш, бо калі смерць пасьпее людзей на той свет забраць, тады яму ўжо
душы іхныя не купіць ні падманам не выманіць. Лепей хай кашчавая нап’ецца, я
паспрабую яе абагнаць ды душы прыбраць. І кажа чорт:
-- А што?! Твая праўда, мужык! А то
адна чортава работа ў гэтым жыцьці: душы красьці, ды лёсы спакушаць-псаваць… А
тут такая нагода – сьвята можна сказаць. Сям’я беларусаў да Бога выпраўляецца.
Такога сьвята беларусы ня ведалі, а яго сапасаваць – сьвята для чорта найвялікшае! Трэ адзначыць! А сам пры гэтым падумаў: “Які добры памагаты
у мяне будзе, калі атрымаецца душу ягоную прыбраць! Ён жа мяне анёла, які грэх
недаравальны Богу зьдзейсніў, зможа любому чалавеку ёнелам цнатлівым
прадставіць! Так зрабіць, як каменныя жорны ў кветкі ператвараў”
І кашчавая пагадзілася. Яна пры
гэтым спадзявалася, што Жарнасек зможа яе-страхалюдзіну ў прыгажуню
найпрыгажэйшую ў свеце абярнуць. Таксама думала чорта да ўсьмерці напаіць, ды
сям’ю голадам ўмарыць. Напіліся чорт са сьмерццю ва ўсьмерць, паляглі ў чоўне
роспачы ў абдымках адзін аднаго трымаючы. Песьні аруць на ўсю акругу так, што
скаціна ад страху раве, куры кудахчуць, лісьцё з дрэваў сыпецца. А сям’я ля
чоўна Надзеі завіхаецца.
Толькі паселі ў чоўн Надзеі. А
самая маленькая дачка не сьпяшаецца лезьці ў кадаўбуху. З сабачкам абдымаецца
ды з козачкай, кветкі песьціць ды шэпчацца з імі, а па шчоках слёзы коцяцца.
Сабачка той, хоць і маленькі быў, аднойчы, калі дзяўчо карову пасьвіла, ад
ваўка абараніў – так яны і пасябравалі. А козачка заўжды малака вельмі смачнага
давала для дзяўчынкі. Урэшце бацька падхапіў дачушку ў кадаўбуху, а яна енчыць:
-- Давайце сабачку
возьмем з сабой, козачку ды кветкі! Богу кветкі падорым, сабачка ад сьмерці і
чорта нас абароніць, а козачка малаком паіць будзе!
-- Не казаў пра іх
анёл нічога – кажа бацька. – Ды і хлеба на сабачку ды козачку не хопіць… А
кветкам вады нідзе не возьмем – пасохнуць.
Сячкарні закруціліся. Махнуў бацька рукой, узмахнулі браты і сёстры
прасьніцамі, і карыта рушыла, паплыло па паветры да сячкарні на вежы, а душы да
сячкарняў на зямлі. Тут дзяўчо саскочыла з чоўна і давай цалаваць сабачку з
козачкай ды з кветкамі развітвацца і плача гаручымі сьлязьмі. Пад ейны плач
Ладзьдзя Надзеі і зьнікла ў коле з нажамі. Шэсьцерні рассунуліся, каб карыта ды
душы прайшлі праз іх. Рукі анёлаў адсеклі ў душах хворыя на рабства часцінкі,
бесаў таксама адсеклі. Ды прыклалі жалязкі раскалённыя да ранаў на душах, каб
бесы праз тыя раны ў душы назад не ўточыліся.
Чорт імгненна працьвярэзіў і наўздагон кінуўся за сям’ёй у сячкарню анёлаў.
І яна вострымі нажамі пашаткавала тулава чорта на круглыя кавалкі і тыя
скамянелі, сталі падобнымі да жорнаў ды ў дзірцы, што пасярэдзіне язык каменны
набылі. А душу чортаву таксама пасекла сячкарня анёлаў і душа чортава
металічнымі шасьцяронкамі зямлю засеяла, крушню металічную ўтварыла. Ледзь
выкараскаўся чорт з той сячкарні, адрасьціў тулава і душу і пачаў шукаць іншую
дзюрку ў часе і прасторы каб дагнаць сям’ю. І знайшоў такі. Закілзаў кныроў
рагатых у свой вазок шасціколавы, засеяў душы кныроў бесамі, каб тыя кусалі
жывёл і імчалі б кныры з хуткасьцю неимавернай, а рогі усім кнырам жалезнымі
нарогамі нарасьціў, каб прабівалі ўсе перашкоды ў пагоні.
А дзяўчынка застался на двары
адна. Плача. Толькі сьмерць п’яна рагоча ў карыце роспачы, цешачыся з таго, як
пакутуе бацька і маці, як заходзіцца ад крыку дзяўчо. Ды прыгаворвае смерць
разам з каменнымі языкамі чортавых жорнаў: “Ад нас нікуды не зьбяжыш не
схаваешся!”
Шмат часу у скрусе і чаканні жыла
дзяўчынка, а смерць угаворвала яе сыйсьці з жыцьця: “Ня вернуцца твае
бацькі, браты ды сёстры. Яны з Богам у раі застануцца. Таму, калі хочаш з імі
сустрэцца, тады пайшлі за мной. Я цябе да родных дастаўлю”. Але дзяўчынка
ня верыла Смерці.
І вось аднойчы смерць пасьля
безвыніковых угавораў раз’юшылася, схапіла жалязкі, якімі маці вопратку
прасавала, дзьмухнула ўнутр жалязак вуголляў раскалённых, ды з двух бакоў
жалязкі да твару дзяўчынкі паднесла, каб абпаліць ейны твар. А дзяўчо і ў
дзень, і ўначы не здымала вопратку, якую анёлы пашылі, да не спалохалася
жалязак смерці. Нейкая нябачная сіла спыніла жалязкі ля галавы дзяўчынкі, і яна
ў чорную яшчарку абярнулася.
Убачыўшы гэта, заплакалі белыя
слівы смалой. Дзяўчынка вельмі любіла белыя слівы і не давала нікому высекаць
іхныя парасткі – слівовых дзетак. І як убачылі анёлы, што пяшчотнае дзяўчо
ператварылася ў чорную яшчарку, заплакалі яны ад роспачы. І пасыпаліся іхныя
слёзы дажджом на той двор. А яшчарка не дала ніводнай сьлязінкі анёлаў на зямлю
трапіць, абярнула сваёй душой слёзы анёльскія ў срэбныя падковы да маленькія
срэбныя колцы. Злучыла іх у доўгі ланцужок. І завіслі яны над дваром.
Дзяўчынцы ад бацькі
перадаліся адмысловыя здольнасці, дастаўся Боскі дар. Яна любіла кветкі і
камяні. Дзе ні знойдзе прыгожы каменчык, нясе ў двор ды складвае з тых
каменчыкаў узоры ды крушні. А па начах тыя каменчыкі кветкамі абарочваюцца
такімі, якія ніколі на зямлі не раслі, а відаць толькі ў Боскім кветніку
цвітуць.
Калі сям’я сплывала да Бога ў
ночвах па паветры, на двары шмат колаў і
жорнаў завіслі над зямлёй. У той час – момант спыненага часу сіла прыцягнення
Бога была шматкроць мацнейшай за прыцягненне зямлі. Так і віселі яны ў паветры.
Яшчарка прычапіла да аднаго кола чоўнікі. На іх паселі матылкі, замахалі
крыламі і закружыліся каруселі, а побач зь імі ляцелі па крузе матылі. І калі
звычайныя матылі і матылькі нядоўга жывуць, то гэтыя жылі столькі, колькі і
яшчарка. Для іх час спыніўся, замацаваны сяброўствам з дзяўчынкай.
Смерць убачыла карусель матылькоў
і слезы анёллаў і кінулася секчы іх касой. Як толькі каса Смерці кранулася
срэбнага ланцуга, так і ўпала каса пад карусель - зьнерухоміла і Смерць не
магла скрануць з месца сваю касу. А без яе Смерць страціла магчымасьць адбіраць
у людзей жыцьцё. Тут Час спыніўся і для Смерці.
Убачылі анёлы свае слёзы, якія
яшчарка захавала ў падковах срэбраных, і не дала ім знікнуць у зямлі.
Падзівіліся анёлы каруселі з матылькамі і вярнулі на двор усе кветкі, якія
дзяўчынка з камянёў калісці вырасціла, а потым у Боскім кветніку яны сэрца
Творцы радавалі. І бацькавы жорны-кветкі вярнулі.
Жыла яшчарка ў крушне і бавіла
свой час на жорнах – былых кветках. Цешылася ад сузіраньня забавы матылак ды
матылёў на каруселі. Стала чорная яшчарка ўладарніцай месца спыненага часу. У
ім круцілася толькі кола ад калёсаў - карусель са срэбраным ланцужком са слёзаў
анёлаў і матылькамі. Яны і сталі сяброўкамі ды сябрамі яшчаркі.
Анёлы вельмі любілі дзяўчынку і
ахоўвалі яё, двор і дом ад злыдняў ды прыхадняў са злымі намерамі. Анёлы
ахоўнікі жылі на двары яшчаркі абярнуўшыся сякерамі. Утварылі высокія сякерныя
весніцы. І калі нехта са злыдняў спрабаваў залесці праз плот, анёлы ахоўнікі
зьляталі з сякерных весніцаў і пагрозліва кружлялі вакол прыхадня – праганялі.
А калі той не супыняўся, адсякалі анёлы яму сквапныя рукі…
Толькі туга па родных, прага
злучыцца з імі разрывала сэрца яшчаркі. Калі сэрца яшчаркі пачынала нясцерпна
балець ад прагі ўбачыць родных, кветкі абарочваліся камянямі, укладаліся ў
крушню і на ёй уздымалася самая высокая кветка. Дзяўчо-яшчарка забіралася на
высокую адзярвянеўшую кветку, каб адтуль глядзець у розныя бакі: ці не едуць ад
Бога бацькі з братамі і сёстрамі. Вакол яе травы абарочваліся жалезнымі косамі,
каб абараніць яшчарку ад гадаў. У абрысах аблокаў, якія плылі па небе, бачыліся
ей ладдзі падобныя на тыя ночвы, у якіх родныя да Бога паплылі. І чула яшчарка,
як аблокі перадаюць ёй прывітанне ад родных. І тады яшчарка спявала тужлівыя
песні, спадзявалася, што яе голас даляціць да родных. І ўсе кветкі спявалі
разам з яшчаркай і нават жорны спявалі ды камяні!
Прыйшоў час, калі ад чаканьня
душа яе скамянела и ператварылася ў маленькае каменнае яйка. І сэрца дзяўчынкі
скамянела і легла на кветку півоню. І кветка тая жаронам абярнулася. А жорны
бацькавы ператварыліся ў камяні, з якіх яны калісьці былі вычэсаныя. Любімые
кветкі дзяўчынкі абярнуліся жорнамі. І камяні ды скамянеўшыя кветкі склаліся ў
крушню. І на вяршыню спічастай крушні легла душа-каменнае яйка і сэрца
скамянеўшае. На вяршыню крушні ўзьляцеў матылёк, які з голаса дзяўчынкі ўзьнік.
Сеў матылёк побач з душю і сэрцам скамянеўшымі, абярнуўся матылёк званочкам
металічным пазваніў і аціх.
А на двары, на галоўным стале -
жорнах паўстала вялізнае яйка. Яно было душой сям'і, што да Бога скіравалася.
Сабачка і козачка адзярвянелі. З драўлянай сабачкі пазьней зрабілі лаву, а з
козачкі – церніцу, каб лён церці.
А тым часам сям’я тутэйшага плыла да Бога. За імі імчаў на шасьціколым
вазку чорт. Яго неслі кныры (кноразы) з рагамі – нарогамі на лобе з жалеза.
Нарогамі кныры рассякалі прастору для вазка над плыньню часу. Дагнаў чорт
бацькаў чоўн, параўнаўся зь імі і давай гаспадара апрацоўваць: “Прадай ты гэты
чоўн і атрымаеш столькі грошай, што на зямлі будзеш жыць як у раі, як у Бога за
пазухай! Ты ж маеш самую дарагую рэч на зямлі: лодку, на якой можна даплыць да
Бога! Яе у цябе багацеі купяць за любыя грошы!” А пад словы чортавы бесы з
кныроў павылеталі, у манеты залатыя абарочваліся і быццам рой мух залацістых
перад вачыма ўсёй сям’і кружыліся – спакушалі. “А калі не пагодзішся –
пагразьліва крычаў чорт – тады мае кныры твой чоўн перавернуць і ўсіх вас
нарогамі пасякуць на кавалкі”.
Не пагадзіў Жарнасек. І тады
раптам перад карытам узнікла Брама часоў Бога. Саха кранула Браму, яна
адчынілася і чоўн зьнік за Брамай часоў Бога. Брама за імі імгненна закрылася. Кныры,
што ляцелі за ночвамі і неслі чорта, грукнуліся жалезнымі нарогамі ў Браму часоў Бога. Чорт вылецеў з вазка і
галавой бразнуўся аб браму, і зь яго вылецела чортава пыха. Абярнуўся колісь
усемагутны чорт у драўляны смаляк. Рогі з нарогамі ў кныроў абламіліся. І з
таго часу ў свіней, кныроў не стала рагоў, а людзі прыдумалі показку: “Не дай
Бог свіньне рогі, а мужыку панства!” Тут і смерць да Брамы прышкандыбала,
кульгаючы. Бо карыта па дарозе спарахнела да развалілася і давялося Кашчавай
бегчы ды пешкі рухацца. Вырашыла яна дачакацца сям’ю, ў зман увесьці, пра скон
дачушкі распавесьці, ды шчастце Боскае скрасьці. Ды ня ведала, што атрымае
лыжкай па языку ды па носе, як толькі рот свой для
хлусні разьзявіць і рукі яе лыжка адсячэ ад шчасьця Боскага. Драўляны смаляк анёлы даставілі ў двор гаспадароў
дома, сям’я зь якога скіравалася на сустрэчу з Богам. За ім роем ляцелі бесы.
Як толькі трапілі бесы ў двор, так абярнулі іх анёлы семям крапіўным і густа
засеялі двор.
У доме пасяліліся родзічы падарожнікаў да Бога. Іх дзеці спрабавалі гуляць з каменным сэрцам
і душой дзяўчынкі, але, узяўшы іх у рукі, яны тут жа беражліва клалі іх на
месца. З адзярвянеўшай козачкі зрабілі мялку для лёну. З сабачкі – лаўку. А чортаў смаляк стаў цацкай-
страшыдлам у дзетак. Забаўляла дзетак і яшчарка, гуляючы зь імі ў схованкі.
Потым дом пуставаў, чакаючы
беларуса, які зможа разгадаць таямніцу сям'і тутэйшых і распавядзе пра таямніцу
ўсім беларусам. І ўвесь гэты час гаспадыняй месца спыненага часу была яшчарка.
І простыя людзі не заходзілі ў той дом і злодзеі яго баяліся, бо ўсе ведалі,
што ў крушне таго месца жыве шмат гадаў, якія да сьмерці кусаюць кожнага, хто
трапіць у той двор. Насамрэч тое былі вужакі – уладарніцы мудрасьці, стаўшыя
сяброўкамі яшчаркі.
Урэшце ў гэтым доме пасяліўся
чалавек, да якога ў сьне прыйшоў анёл і распавёў гэтую гісторыю.
Чалавек даслухаў анёла і спытаў: “А
як жа чорная яшчарка ў дзяўчо ператворыцца?” І пачуў у адказ: “Калі
сям’я вернецца ад Бога дамоў”.
·
Няўжо ўсё так добра скончыцца? – спытаў чалавек.
· Не зусім. – адказаў анёл.
– Калі вярталася сям’я ад Бога, да іх
напрасіўся спадарожнік. Не хацеў яго браць гаспадар. Але спадарожнік заенчыў,
што даўно сям’ю сваю не бачыў, асабліва дачушку маленькую… Тут усе пачалі
ўпрошваць гаспадара ўзяць гаротнага. Ня вытрымаў угавораў бацька і парушыў
запавет анёла – узяў. А той хвіліну ціхенька пасядзеў, а потым пачаў крычаць,
што не туды яны плывуць, і не так хутка іх вязуць янёлы, як трэба. Анёлы не
зьвярталі ўвагі на нахабнага паганятага. А той раптам выснуў язык, ды так
далёка, што рукой да яго кончыка не дацягнуцца і выцяў анёлаў языком па пляцах
ды патыліцы, як пугай лупцуюць лянівых коней. Анёлы зніклі. С тае пары сям’я ня
можа вярнуцца ад Бога. А той нахрапісты спадарожнік з дапамогаю чорта трапіў у
краіну і даў пачатак роду, зь якога выйшаў кіраўнік дзяржавы. Ён шмат бедаў
натварыў для людзей, ледзь не зьнішчыў народ і краіну.
І толькі калі сям’я верніцца ад
Бога дамоў і яшчарка абернецца дзяўчынкаю, тады яна падрасце выйдзе замуж і
народзіць асілка, які пераможа чортава паслугача.
Скачать русскую версию
Комментариев нет:
Отправить комментарий